Государственное учреждение
«Минский городской центр
социального обслуживания семьи и детей»

220070, г. Минск,
улица Чеботарёва, 6А

Время работы 8:30-20:30

Хто больш за ўсіх баіцца ісці ў першы клас?

Акцыю “У школу з усмешкай!” праводзіць Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Псіхолагі запрашаюць на трэнінгі для першакласнікаў і кансультацыі для іх бацькоў, каб аблегчыць адаптацыю дзяцей у школе.

На першыя заняткі групы мяне пусцілі толькі пад канец: каб прысутнасць чалавека з фотакамерай не перашкаджала дзецям асвойвацца ў новых умовах. Таму калі я, нарэшце, прыйшла, мяне знаёмілі не толькі з дзецьмі, але і з папяровымі чалавечкамі, якіх яны зрабілі. Малюнкі псіхолаг Святлана Леанідаўна Назаранка выкарыстоўвае для дыягностыкі. Таксама на першых занятках дзеці “сабралі” партфель — зрабілі з фольгі ўсё, што захацелася: ручкі, алоўкі, сшыткі і нават цукеркі. І хоць па форме заняткі былі вельмі падобны да ўрока ў школе, тут можна было ў любую секунду падняцца, каб размяцца і пагуляць з лялькамі, любое заданне выконвалася столькі, колькі хацелася, а пастаянныя размовы “вучняў” цалкам ухваляліся.

— З групай мы плануем правесці 8 заняткаў за 2 месяцы, далучыцца да іх можна ў любы момант, — гаворыць Святлана Леанідаўна. — Выкарыстоўваем пясочную і арт-тэрапію, многа гуляем. Мозгу ўсё роўна — адбываецца падзея ў рэальным жыцці ці мадэлюецца ў гульні, таму школа не будзе новай з’явай для тых, хто пагуляў з намі ў “Лясную школу”: падрыхтаваў для жывёл клас, сабраў партфелі…
Іншы псіхолаг будзе працаваць з бацькамі — выявіць іх стэрэатыпы, чаканні і страхі, прапануе псіхадраматычныя тэхнікі, дасць паводзінскія падказкі. Заняткі ў групах настрояць і дзяцей, і бацькоў на тыя змены, якія адбудуцца ў найбліжэйшы час, і дапамогуць лепш зразумець адно аднаго. Нагадаць пра іх разам са Святланай Леанідаўнай прапануем і вам.

Дзеці

Працуючы з дзецьмі, дарослыя павінны перш за ўсё ведаць страхі, з якімі даводзіцца спраўляцца першакласніку.

Калі дзіця трапляе ў новае асяроддзе, дзе існуюць свае правілы і межы, абвастраецца страх памылкі, страх быць дрэнным, няправільным. Таму вопытны настаўнік дае вучню права на памылку, не выносячы прысудаў.

З гэтым страхам цесна звязаны страх ацэнкі. У гэтым узросце дзіця яшчэ няздольна аддзяляць ацэнку яго ўчынку, яго работы ад ацэнкі яго самога. Калі паставіць яму “тройку”, сумны смайлік ці хмарку замест сонейка, першакласнік лічыць, што гэта ён чалавек на “3” балы, асацыіруе сябе з незадаволеным тварыкам, намаляваным чырвоным стрыжнем у яго сшытку.

З гэтай прычыны школьныя адзнакі да трэцяга класа не выкарыстоўваюцца. Але і словы незадаволенасці, і нават адценні настрою (дзеці адчуваюць іх вельмі добра) разбураюць давер і робяць дзіця закрытым.

Як тады патлумачыць, што такое “добра” і “дрэнна”? Псіхолагі раяць даваць падтрымку замест ацэнкі і прапануюць наступную фармулёўку:

1. Факт.

2. Звязаныя з ім пачуцці.

Напрыклад: “Ты малюеш сінія аблокі, і мне вельмі падабаецца тваё захапленне гэтай справай”.

А што рабіць з адзнакамі ў сшытках? Бяспечна карыстацца пазітыўнымі смайлікамі — такая сістэма робіць акцэнт на тым, што ў вучня атрымліваецца.

Каб пераадолець страх ацэнкі, важна не параўноўваць дзяцей паміж сабой. Распаўсюджаная памылка бацькоў і настаўнікаў — ставіць дзяўчынак у прыклад хлопчыкам. Дзеці бываюць розныя, і абагульняць можна не заўсёды, але дзяўчынкі, як правіла, насамрэч больш схільныя дзейнічаць па прыкладзе, ім прасцей паўтараць за настаўнікам. Хлопчыкі, наадварот, эксперыментатары ад прыроды. Ім патрэбны рух, ім складана трымацца правіл, што абмяжоўваюць іх самавыяўленне. Таму дайце ім крыху больш свабоды: замест гатовых адказаў — навадныя пытанні, што пабуджаюць да пошуку. І галоўнае — і хлопчыкаў, і дзяўчынак, каб адзначыць прагрэс, параўноўвайце толькі з імі самімі, а не з іншымі вучнямі.

Дарэчы, хваліць дзяцей у гэтым узросце таксама варта па-рознаму. Хлопчыкі прымаюць узнагароды за свае дзеянні, дасягненні: рэшаны прыклад, памытая дошка. А дзяўчынкі адгукаюцца на словы, якія адзначаюць іх якасці: стараннасць, акуратнасць, дабрыню. Гаварыце шчыра, бо дзяўчынкі арыентуюцца на інтанацыю, міміку, жэсты, таму вельмі хутка заўважаць фальш.

Падчас адаптацыі да школы адбываецца і фарміраванне класа як групы. Хлопчыкі (ды і дзяўчынкі) будуць выпрабоўваць адно аднаго ў спрэчках, а можа, і ў бойках. Працэс часта прымушае пахвалявацца, але ён абсалютна натуральны. Падчас такіх невялікіх сутычак дзеці выплёскваюць энергію, самасцвярджаюцца. Задача настаўніка — незаўважна пракантраляваць працэс, каб ніхто з дзяцей не атрымаў траўму — ні фізічную, ні маральную. А таксама патлумачыць сітуацыю бацькам: дарослыя, чые дзеці моцна паспрачаліся, могуць сур’ёзна рассварыцца, хоць самі вучні ўжо заўтра будуць сябраваць. Пастарайцеся не апусціцца да ролі суддзі, дапамажыце бацькам, бо ім у першы школьны год таксама даводзіцца няпроста.

Бацькі

Часта мама і тата хвалююцца на пачатку школьнай пары больш, чым будучы вучань. Хаваць сваё хваляванне — пазіцыя памылковая. Колькі б матуля не ўсміхалася і не падбадзёрвала сябе, дзіця адчуе страх і занепакоіцца. Найлепшае выйсце больш кардынальнае — разабрацца ў прычынах свайго страху і пазбавіцца іх.

Па-першае, бацькі могуць хвалявацца з-за ўласнага няўдалага вопыту. Звычайна ў маці “ўнутранае дзіця” — дзіцячая частка псіхікі — праецыруецца на сына ці дачку, таму свае балючыя ўспаміны пра школу жанчына пераносіць на яго і імкнецца абараніць ад гэтага негатыву. Часта з-за гэтага бацькам даводзіцца пераасэнсоўваць зносіны са сваімі бацькамі, наладжваць страчаны ў дзяцінстве кантакт.
Па-другое, бацькоў могуць напужаць негатыўныя расказы іншых: “бывалых” з інтэрнэт-форумаў, бабулі ці цёткі, якая быццам бы лепш ведае, і г.д. Лепшае выйсце — проста пазбавіцца ад уплыву чужога меркавання.

Па-трэцяе, трывогу выклікае няўпэўненасць у сабе. Школа — новы ўзровень, яшчэ адно выпрабаванне для бацькоў, якое патрабуе пастаяннай працы. Для іх лепш за ўсё падтрымаць адно аднаго і паверыць — калі не ў сябе, то ў сваё дзіця.

Нарэшце, апошняя і найбольш распаўсюджаная прычына — вобраз “як павінна быць”. Калі бацькі выхоўваюць чэмпіёна, а не шчаслівага чалавека, яны ставяць занадта высокую планку, да якой дзіця ніяк не зможа дацягнуцца, як бы ні імкнулася. За сваімі ўяўленнямі бацькі не бачаць рэальнага маленькага чалавека з яго талентамі і патрэбамі. Каб выправіць сітуацыю, псіхолагі прапануюць маці стаць на месца дзіцяці, зразумець яго пачуцці.

Калі бацькі баяцца, што сыну ці дачушцы не спадабаецца ў школе, яны часта дапускаюць яшчэ адну памылку — апісваюць клас як чароўнае месца, дзе заўсёды цікава, шмат сяброў і ўсё атрымліваецца. Так фарміруюцца завышаныя чаканні ад школы, а значыць, наперадзе расчараванне: не спадабаўся нехта з аднакласнікаў, пропісы складаныя або чытанне патрабуе вялікіх намаганняў. Дзіця адчувае сябе падманутым. Каб пазбегнуць гэтага, варта расказваць пра школу як мага больш фактаў і без эмацыянальных ацэнак.

Цудоўна, калі бацькі і самі займаюцца з першакласнікам: сумесныя дадатковыя заняткі дазволяць захаваць сувязь, пастаянна маніторыць яго стан і ўражанні. Неабавязкова, каб сямейныя “ўрокі” праходзілі за партай: можна выйсці з кніжкай у парк ці кафэ, рабіць частыя перапынкі на гульні ці проста гутаркі. Калі ў класе вучань вымушаны падстройвацца пад агульны тэмп работы, то тут ён можа расслабіцца і працаваць са зручнай хуткасцю. А калі за гэта яшчэ і ўзнагародзяць (цукеркамі, усмешкамі ці словамі падтрымкі), то працэс навучання будзе асацыіравацца з задавальненнем і радасцю, і менавіта гэта лепш за ўсё спрыяе лёгкаму пераходу ў школу.

У верасні першая задача бацькоў — актыўнае слуханне. Ім варта падказаць, што першакласнік не заўсёды чакае парады, часцей яму патрэбна эмацыянальная разрадка і спачуванне. Адказы на ўсе пытанні — у самім дзіцяці, і калі гаварыць з ім доўга і ўважліва, яно прыйдзе да іх самастойна, а гэта дапамагае сталець і развівацца.

Настаўнікі

Напэўна, з настаўнікаў трэба было пачынаць: на плечы другой мамы (ці таты!) кладзецца вялікая адказнасць — стварыць утульную атмасферу для першакласнікаў. А да такога трэба падрыхтавацца.
Перш за ўсё — клопат пра сябе. Пагадзіцеся, парада нестандартная, але вельмі лагічная: калі мой збан пусты, чым я магу падзяліцца з іншымі? Дзеці адлюстроўваюць эмоцыі дарослых навокал, таму спачатку настаўнік павінен напоўніцца станоўчымі пачуццямі. Для гэтага неабходна знайсці свае “вітамінкі”: хобі, зносіны з сябрамі, час з сям’ёй — словам, усё, што дае энергію, якой пасля можна абменьвацца з вучнямі. Ад напоўненасці, унутранай гармоніі залежыць устойлівасць да выпрабаванняў (а іх будзе нямала).

У зносінах з дзецьмі важныя павага і ўвага. Не бойцеся выдаць ім крэдыт даверу — дазволіць быць сабой. Гэта дапаможа за кожным вучнем пабачыць яго прыроду, пазнаёміцца з яго асобай — толькі так можна дапамагчы яму развівацца. Улічвайце асаблівасці ўзросту і складанасці працэсу адаптацыі.
Бывае, што ў класе ёсць вучань ці суполка, дзеянні якой выводзяць з раўнавагі. Гэта нармальная з’ява, і ўспрымаць яе трэба правільна. Варта падумаць не “За што?”, а “Навошта?”, каб усвядоміць, з якім урокам з’явілася такое выпрабаванне ў прафесійным жыцці. Напэўна, настаў час выйсці з зоны камфорту і стаць больш мудрым і дасведчаным настаўнікам.

Нарэшце, наступныя чатыры гады будуць прасцейшымі, калі правільна арганізаваць адносіны з бацькамі. Звычайна сучасныя мама і тата працуюць, маюць менш часу на дзіця, таму патрабуюць ад школы больш. Трэба ўмець усталяваць абмежаванні: супрацоўніцтва, але не падпарадкаванне, дапамога, але не кансультацыя па месэнджарах 24/7. Так настаўнік абараняе не толькі сябе, але і дзяцей, якім ён, стомлены і раздражнёны, акажацца няздольны дапамагаць.

Складаная для настаўніка сітуацыя, калі трэба скіраваць увагу бацькоў на памылкі ў выхаванні, але не пакрыўдзіць і захаваць адкрытасць. І тут у псіхолагаў зноў ёсць дзейсны рэцэпт — пазіцыя назіральніка “Я пабачыў, што…”. “Я”-выказванні ў такой сітуацыі максімальна нейтральныя, бо не так закрануць суразмоўніка, пры гэтым звяртацца трэба на роўных (не зверху), без асуджэння і ацэнкі ўвогуле.

Зразумела, што кожная з гэтых парад азначае пастаянную працу ўсіх трох бакоў. Але яна цікавая і нестандартная, а вынікі яе — здаровыя і гарманічныя школьнікі, а пасля і дарослыя, вартыя намаганняў!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Источник: https://nastgaz.by/hto-bolsh-za-usih-baitstsa-istsi-u-pershy-klas/

Минский городской центр социального обслуживания семьи и детей
 
© 2015 7ja-by.by

Адрес: 220070, г. Минск,
улица Чеботарёва, 6А
Телефоны: (017) 317-32-32 
+375 29 3673232 Velcom, +375 33 6033232 МТС
(запись на консультацию)
Телефон/факс: (017) 318-32-19
Email: 7ja-by@tut.by